×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

Пытанне:

Спажывец разлічыўся за тавар банкаўскай аплатнай картай. Пазней спажыўцом была прад'яўлена прэтэнзія прадаўцу аб скасаванні дагавора рознiчнага куплi-продажу і вяртанні выплачанай за тавар грашовай сумы. Аднак карта, з дапамогай якой была праведзена аплата тавару, на момант прад'яўлення прэтэнзіі ў спажыўца адсутнічала. З прычыны адсутнасці карты прадавец адмовіў у вяртанні грашовых сродкаў. Цi правамерна адмова прадаўца i як дзейнічаць спажыўцу ў такой сітуацыі?

Адказ:

Адносіны ў сферы ажыццяўлення рознічнага гандлю рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 г. № 90-З «Аб абароне правоў спажыўцоў» (далей – Закон) і Правіламі продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2014 г. № 703 (далей – Правілы).

Згодна з пунктам 4 артыкула 27, пунктам 4 артыкула 28 Закона і пунктам 30 Правілаў разлікі са спажыўцом пры вяртанні выплачанай за тавар (належнай або неналежнай якасці) грашовай сумы ажыццяўляюцца ў той жа форме, у якой праводзілася аплата тавару, калi iншае не прадугледжана пагадненнем бакоў. Такім чынам, пры аплаце тавару банкаўскай аплатнай картай разлікі са спажыўцом пры вяртанні тавару ажыццяўляюцца ў той жа форме. Прыведзеная норма не ўтрымлівае ўмоў вяртання грашовых сродкаў менавіта на тую карту, з якой праводзілася аплата за тавар, а змяшчае патрабаванні да формы вяртання грашовых сродкаў (напрыклад, пры аплаце пакупкi банкаўскай аплатнай карткай вяртанне ажыццяўляецца ў безнаяўнай форме).

Прымаючы да ўвагi, што прыведзеныя нормы дапускаюць iншы парадак вяртання грашовых сродкаў па дамове бакоў і ў выпадку дасягнення пагаднення паміж прадаўцом і спажыўцом аб вяртанні выплачанай за тавар грашовай сумы наяўнымі грашовымі сродкамі або на іншую банкаўскую картку, такое пагадненне (i, такім чынам, зварот грошай у такім парадку) не будзе супярэчыць дзеючаму заканадаўству.

На падставе выкладзенага прадавец тавару не мае права адмаўляць спажыўцу ў скасаванні дагавора рознiчнага куплi-продажу і вяртанні грашовых сродкаў, выплачаных спажыўцом за тавар (належнай або неналежнай якасці), па прычыне адсутнасці ў яго ў дзень прад'яўлення прэтэнзіі банкаўскай карты, з якой спажыўцом ажыццяўлялася аплата .

Артыкулам 20 Закона, якi рэгулюе парадак прад'яўлення і разгляду патрабаванняў спажыўцоў, у выпадку праявы недахопу ў тавары, калі яго недахопы не былi агавораны прадаўцом, а таксама артыкулам 28 Закона, якi рэгулюе правы спажыўца на абмен і вяртанне тавару належнай якасці, не прадугледжаны абавязак спажыўца пры скасаванні дагавора рознiчнага куплi-продажу тавару неналежнай або належнай якасці прад'яўляць такое патрабаванне ў пісьмовай форме.

У выпадку адмовы прадаўца, г.зн. пры недасягненні пагаднення бакоў аб вяртанні выплачанай за тавар грашовай сумы ў безнаяўнай форме на іншую банкаўскую картку, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэкамендуе спажыўцам зафіксаваць такаю адмову (пры знаходжанні ў гандлёвым аб'екце напісаць зварот у кнігу заўваг і прапаноў, якая па першым патрабаванні павінна выдавацца спажыўцу; у выпадку атрымання такой адмовы па тэлефоне - накіраваць зварот з паведамленнем па пошце).

Даведачна:

Згодна з пунктам 2 артыкула 24 Закона Рэспублікі Беларусь 18 ліпеня 2011 г. № 300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік абавязаны прад'яўляць кнігу заўваг і прапаноў па першым патрабаванні заяўніка.

У выпадку нязгоды з адказам прадаўца аб выніках разгляду і/або пры неатрыманні адказу на зварот, пакінуты ў кнізе заўваг і прапаноў, спажывец можа звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы знаходжання прадаўца для прыняцця мер і забеспячэння абароны сваіх правоў спажыўца. У звароце неабходна ўказаць ўсе абставіны справы і прыкласці копіі наяўных дакументаў.

У адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў» звароты грамадзян, незалежна ад таго, у які дзяржаўны орган або іншую арганізацыю яны паступілі, першапачаткова падлягаюць разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, на тэрыторыі якіх узніклі пытанні, выкладзеныя ў зваротах.

Даведачна:

У адпаведнасці з паўнамоцтвамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне абароны правоў спажыўцоў, вызначанымі артыкулам 43 Закона, у мэтах абароны правоў спажыўцоў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы акрамя іншых паўнамоцтваў абавязаны: разглядаць звароты спажыўцоў у адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб; арганізоўваць тлумачэнне заканадаўства і кансультаваць насельніцтва па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.