×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

Пытанне:

Ці павінен рэкламараспаўсюджвальнік - аператар вонкавай рэкламы кантраляваць адпаведнасць сюжэтаў заканадаўству і праводзіць іх ацэнку?

Адказ:

У адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 26 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 г. № 225-З «Аб рэкламе» (далей – Закон) неналежная рэклама, у тым ліку неналежная вонкавая рэклама, не дапускаецца.

Закон спецыяльна не рэгулюе пытанні размеркавання адказнасці паміж рэкламадаўцам і рэкламараспаўсюджвальнікам.

Разам з тым, зыходзячы з паняцця рэкламадаўца і рэкламараспаўсюджвальніка, прадугледжанага артыкулам 2 Закона, прынцыпу асабістай вінаватай адказнасці і правапрымяняльнай практыкі, пры размяшчэнні (распаўсюджванні) неналежнай вонкавай рэкламы названыя асобы будуць несці прадугледжаную заканадаўствам адказнасць у наступным парадку:

  • рэкламадавец як стваральнік рэкламнай інфармацыі – за дзеянні, звязаныя са стварэннем і выпускам у свет рэкламы, змест якой не адпавядае заканадаўству аб рэкламе;
  • рэкламараспаўсюджвальнік – за дзеянні, звязаныя з размяшчэннем (распаўсюджваннем) неналежнай рэкламы.
     

Прадугледжаная заканадаўствам адказнасць за неналежную вонкавую рэкламу ўяўляе сабой (артыкулы 12.15 і 23.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, артыкулы 8, 9 і 30 Закона, пункты 20 і 21 Палажэння аб парадку размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 лiстапада 2007 г. № 1497 (далей - Палажэнне)):

  • у дачыненні да рэкламадаўца

1) вынясенне ўпаўнаважаным дзяржаўным органам прадпісання аб устраненні выяўленага парушэння (шляхам прывядзення рэкламы ў адпаведнасць з заканадаўствам або яе спынення ў вызначаны час);
2) прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне (неналежнае або несвоечасовае выкананне) прадпісання аб устраненні выяўленага парушэння;
3) прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за неналежную рэкламу;

  • у дачыненні да распаўсюджвальніка

1) вынясенне ўпаўнаважаным дзяржаўным органам прадпісання аб устраненні выяўленага парушэння (шляхам спынення размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы ва ўстаноўленыя тэрміны);
2) прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне (неналежнае або несвоечасовае выкананне) прадпісання аб спыненні размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы;
3) у выпадку няспынення размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы за вызначаны час – спыненне размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы адпаведным мясцовым выканаўчым i распарадчым органам пасродкам дэмантажу сродку вонкавай рэкламы;
4) у выпадку неаднаразовага (два і больш разоў) на працягу года размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы, што пацвярджаецца вынясеннем упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі адпаведных прадпісанняў, альбо скасавання дагавора, заключанага ў адпаведнасці з пунктам 16 Палажэння, у сувязі з невыкананнем абавязацельстваў па дамове або па іншых законных падставах – ануляванне дазволу на размяшчэнне сродку вонкавай рэкламы з наступным дэмантажом такога сродку.

Пры гэтым рэкламараспаўсюджвальнiк мае права патрабаваць ад рэкламадаўца, які прадставіў неналежную рэкламу, пакрыцця страт, панесеных у сувязі з размяшчэннем (распаўсюджваннем) такой рэкламы, пры наяўнасці ў грамадзянска-прававой дамове, заключанай паміж названымі асобамі, адпаведных умоў.

У сувязі з адменай адміністрацыйнай працэдуры па ўзгадненні зместу вонкавай рэкламы рэкламараспаўсюджвальнікам-аператарам вонкавай рэкламы варта больш адказна падыходзіць да працэсу размяшчэння (распаўсюджвання) вонкавай рэкламы не толькі каб пазбегнуць адказнасці, але і ў пазбяганне ўвядзення насельніцтва ў зман неналежнай рэкламай, давядзення да яго недакладнай, неэтычнай ці іншай неналежнай рэкламы пры дапамозе сеткі рэкламаносьбітаў.