×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

Спажывец мае права на свабодны выбар тавараў; належную якасць і камплектнасць тавараў, у тым ліку бяспеку тавараў і інш.

ТАВАР НАЛЕЖНАЙ ЯКАСЦI

Нехарчовыя тавары належнай якасці можна абмяняць ці вярнуць на працягу 14 дзён з моманту перадачы спажыўцу (тэрмiн лiчыцца з наступнага дня пасля куплі), калі:

  • тавар не быў ва ўжыванні;
  • захаваны яго спажывецкія ўласцівасці;
  • маюцца доказы набыцця гэтага тавара ў прадаўца;
  • тавар не ўваходзіць у Пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену і вяртанню (*шэраг тавараў з Пераліку можна вярнуць, калі яны спакаваныя ў герметычную (вакуумную), спажывецкую ўпакоўку або ў спажывецкую ўпакоўку, па якой можна ўсталяваць, што тавар не быў ва ўжыванні). 

Звяртаем увагу!
Вяртаецца тавар у тым выглядзе, у якім набываўся (у спажывецкай упакоўцы, з наяўнасцю этыкетак, цэтлікаў і інш.).
Зварот і абмен тавару ажыццяўляецца ў месцы набыцця ці іншых месцах, абвешчаных прадаўцом.  

Тавары, набытыя на акцыі, падлягаюць абмену і вяртанню на агульных падставах.

Вяртанне выплачанай за тавар грашовай сумы ажыццяўляецца прадаўцом у той жа форме, у якой праводзілася аплата, калі бакі не дамовяцца аб іншым спосабе; грошы павінны быць вернутыя неадкладна альбо не пазней за 7 дзён.

Транспартныя выдаткі па вяртанні якаснага тавару нясе спажывец.

Пры скасаванні дагавора прадавец не мае права патрабаваць прад'яўленне пашпарта ці іншага дакумента, які сведчыць асобу, за выключэннем выпадкаў, калі пры заключэнні дагавора выкарыстоўваўся дадзены дакумент.

Папярэджваем!
Забаронена абумоўліваць набыццё тавару набыццём дадатковых тавараў і паслуг (напрыклад, прапанаваных прадаўцамі сертыфікатаў на тэхнічнае абслугоўванне і ліквідацыю недахопаў у тэхнічна складаным тавары на працягу гарантыйнага тэрміну).

Памятайце: бязвыплатная ліквідацыя недахопаў ў тавары з'яўляецца абавязкам прадаўца (аўтарызаванага сэрвіснага цэнтра), замацаваным заканадаўствам.

ТАВАР НЕНАЛЕЖНАЙ ЯКАСЦI

Недахоп тавару - гэта неадпаведнасць яго:

  • абавязковым патрабаванням тэхнічных рэгламентаў і іншым нарматыўным дакументам;
  • умовам дагавора;
  • ўзору i (або) апісанню пры продажы тавару;
  • мэтам, для якіх тавар такога роду звычайна выкарыстоўваецца.

Калі ў тавары, які набываецца, маецца недахоп, ці ён ліквідаваўся, прадавец абавязаны папярэдзіць аб гэтым пакупніка ў вуснай і пісьмовай форме (у касавым чэку або ў іншым дакуменце, якi пацвярджае факт набыцця тавару). Тавар па дадзеным недахопу вярнуць нельга.  

У выпадку праявы ў тавары недахопу спажывец мае права на свой выбар патрабаваць:

  • замены няякаснага тавару таварам належнай якасці;
  • змяншэння пакупной цаны;
  • бязвыплатнага рамонту;
  • пакрыцця расходаў па ліквідацыі недахопаў ў тавары;
  • вяртання грошай. 

Звяртаем увагу!
Маецца Пералік тэхнічна складаных тавараў, для якіх устаноўлены асаблівы парадак замены і вяртання.
На працягу 30 дзён з дня іх перадачы спажыўцу тавары неналежнай якасці падлягаюць абмену і вяртанню, незалежна ад характару праявы недахопу (істотны або неістотны).

Па заканчэнні 30 дзён з дня іх перадачы падлягаюць абмену і вяртанню толькі пры:

  • праяве істотнага недахопу ў тавары;
  • парушэнні тэрмінаў бязвыплатнага рамонту (не павінен перавышаць 14 дзён; са згоды спажыўца дадзены тэрмін можа быць прадоўжаны да 30 дзён). 

Спажывец мае права:

  • запатрабаваць аналагічны тавар з падменнага фонду на перыяд рамонту (замены) тавара неналежнай якасці (тэрмін задавальнення такога патрабавання - 3 дні пасля яго прад'яўлення);
  • запатрабаваць пакрыццё ў поўным аб'ёме страт, шкоды, нанесеных у вынiку недахопаў тавару, у тым ліку кампенсацыю маральнай шкоды.

Звяртаем увагу!
Дастаўка буйнагабарытнага або вагой больш за пяць кілаграмаў тавару неналежнай якасці для правядзення рамонту, замены, вяртання ажыццяўляецца сіламі і за кошт прадаўца (вытворцы, пастаўшчыка, рамонтнай арганізацыі).
Пры абмене тавару гарантыйныя тэрміны на новы тавар вылічаюцца нанова.
Пры ліквідацыі недахопаў ў тавары гарантыйны тэрмiн на яго падаўжаецца на перыяд, на працягу якога тавар не выкарыстоўваўся.

ПРАВЯДЗЕННЕ ЭКСПЕРТЫЗЫ І ПРАВЕРКІ ЯКАСЦІ

Пры выяўленні недахопу ў тавары неабходна першапачаткова звярнуцца да прадаўца тавару. Прадавец абавязаны:

  • прыняць тавар і аформіць акт перадачы тавару, у якім фіксуецца заяўленае патрабаванне спажыўца;
  • правесці праверку якасці (тэрмін для правядзення - 7 дзён з моманту звароту спажыўца);
  • пры ўзнікненні спрэчкі аб наяўнасці недахопаў ў тавары і прычынах іх узнікнення - правесці незалежную экспертызу тавару за свой кошт (тэрмін для правядзення - 14 дзён з моманту звароту спажыўца).

Пра месца і час правядзення экспертызы спажыўцу павiнна быць паведамлена ў пісьмовай форме.

Спажывец мае права:

  • прысутнічаць пры правядзенні праверкі якасці і незалежнай экспертызы;
  • аспрэчыць заключэнне экспертызы ў судзе;
  • арганізаваць правядзенне экспертызы самастойна.

Калі па выніках экспертызы будзе ўстаноўлена, што недахопы ў тавары адсутнічаюць ці яны не вытворчага характару, спажывец абавязаны пакрыць прадаўцу выдаткі на яе правядзенне (у тым ліку выдаткі на транспарціроўку тавару).

Звяртаем увагу!
У выпадку прад'яўлення спажыўцом прэтэнзіі ў дачыненні да тавару па заканчэнні гарантыйнага тэрмiну або гарантыйны тэрмін на які не ўстаноўлены, адказнасць па доказу ўскладаецца на спажыўца: ён павінен падаць заяву ў экспертную арганізацыю для правядзення экспертызы тавару. Аплата экспертызы ажыццяўляецца прадаўцом.

ТЭРМІНЫ ЗАДАВАЛЬНЕННЯ ПАТРАБАВАННЯЎ

Замена тавару - неадкладна (пры правядзенні праверкі якасці - не больш за 14 дзён, пры адсутнасці тавару - 1 месяц).
Вяртанне грашовых сродкаў, памяншэнне пакупной цаны, пакрыццё выдаткаў на ліквідацыю недахопаў ў тавары - неадкладна альбо на працягу 7 дзён, пры правядзенні экспертызы - 14 дзён.
Пакрыццё страт - неадкладна альбо на працягу 7 дзён з дня пацверджання спажыўцом памеру страт.
Бясплатны рамонт - неадкладна або не больш за 14 дзён, па пісьмовай дамове са спажыўцом - не больш за 30 дзён.
За парушэнне названых тэрмінаў выплачваецца няўстойка ў памеры 1% ад цаны тавару за кожны дзень пратэрміноўкі.