×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

Інтэрнэт-крама - інфармацыйны рэсурс суб'екта гандлю ў глабальнай кампутарнай сетцы Iнтэрнэт, які дазваляе ажыццявіць заказ на набыццё або выбар і набыццё тавараў без (па-за) гандлёвага аб'екта.

Даведачна:
Інтэрнэт-крама павінна быць зарэгістравана ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь, а яе даменнае імя - у нацыянальнай даменнай зоне «.by» або «.бел».
Праверыць рэгістрацыю інтэрнэт-крамы ў Гандлёвым рэестры можна на сайце www.mart.gov.by.
Рэалізацыя тавару пры дапамозе сацыяльных сетак і інтэрнэт-мессенджера не дапускаецца.

1. Пры выбары тавару ўважліва азнаёмцеся з інфармацыяй на сайце інтэрнэт-крамы!

На галоўнай старонцы сайта інтэрнэт-крамы прадавец павінен давесці да ведама спажыўца на беларускай ці рускай мове наступную інфармацыю пра сябе:

  • найменне арганізацыі, месца знаходжання, УНП; для індывідуальнага прадпрымальніка - прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, звесткі аб дзяржаўнай рэгiстрацыi i назве органа які ажыццявіў дзяржаўную рэгістрацыю;
  • рэжым працы інтэрнэт-крамы;
  • дату рэгістрацыі інтэрнэт-крамы ў Гандлёвым рэестры;
  • спосабы аплаты тавараў і іх дастаўкі. 

Даведачна:
Спагнанне дадатковай платы за выдачу тавару ў месцы, вызначаным прадаўцом (аб'екце прадаўца), з'яўляецца неправамерным, бо дадатковыя паслугі па дастаўцы тавару пры гэтым спажыўцу не аказваюцца.

На сайце інтэрнэт-крамы павінна ўтрымлівацца на беларускай або рускай мове наступная інфармацыя аб тавары:

  • найменне тавару;
  • найменне, месца знаходжання вытворцы;
  • найменне, месца знаходжання пастаўшчыка, прадстаўніка, рамонтнай арганізацыі, упаўнаважанай на ліквідацыю недахопаў тавару і (або) яго тэхнічнае абслугоўванне;
  • краіна паходжання тавару;
  • гарантыйны тэрмін, калі ён устаноўлены;
  • цана тавара (у беларускіх рублях);
  • умовы аплаты дастаўкі тавару;
  • тавар з'яўляецца канфiскаваным або накiраваным у даход дзяржавы іншым спосабам (калі ён такім з'яўляецца);
  • тавар з'яўляецца былым ва ўжыванні ці ў ім лiквiдоўваўся недахоп (калі ён такім з'яўляецца). 

На сайце інтэрнэт-крамы павінны быць размешчаны ўзоры плацежных дакументаў, якія фарміруюцца з выкарыстаннем касавага абсталявання, якія пацвярджаюць прыём прадаўцом ад пакупніка наяўных грашовых сродкаў (напрыклад, касавы чэк).

Дадаткова спажыўцу прадаўцом можа прадастаўляцца вусна наступная інфармацыя:

  • звесткі аб абавязковым пацвярджэнні адпаведнасці тавараў, якія падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці;
  • рэкамендацыі і (або) абмежаванні па выкарыстанні;
  • найменне і месцазнаходжанне юрыдычнай асобы, упаўнаважанага на дастаўку, ўстаноўку, падключэнне і наладку тавару;
  • колькасць і камплектнасць тавару;
  • звесткі аб класах энергаэфектыўнасці тавараў. 

Па патрабаванню спажыўца гэтая інфармацыя паведамляецца яму ў пісьмовай форме спосабам, вызначаным пагадненнем бакоў.

Пры куплі тавару ў інтэрнэт-краме рэкамендуецца захоўваць адрас інтэрнэт-старонак, на якіх размешчана інфармацыя аб прадаўцу і набытым тавары.  

2. Аплата тавару, набытага ў інтэрнэт-краме.

Разлік за тавар ажыццяўляецца ў наяўнай і безнаяўнай формах. Прадавец абавязаны даць спажыўцу права выбару формы аплаты тавару.

Прадаўцу забаронена ўсталёўваць у дачыненні да аднаго віду тавараў розныя кошты ў залежнасці ад формы аплаты тавараў. Пры гэтым прадаўцом могуць ўсталёўвацца зніжкі, іншыя формы стымулявання рэалізацыі тавараў, а таксама разлікаў у безнаяўнай форме.

Інтэрнэт-прадавец абавязаны выкарыстоўваць касавы апарат.  

3. Дастаўка тавару, набытага ў інтэрнэт-краме.

РЭКАМЕНДУЕМ:

  • супаставіць інфармацыю, размешчаную на сайце інтэрнэт-крамы аб тавары і прадаўцу, з інфармацыяй у дакументах на набыты тавар (тэхнічны пашпарт, гарантыйныя талоны);
  • перад падпісаннем дакументаў (акт прыёму-перадачы тавару, гарантыйны талон і інш.) і перадачы грашовых сродкаў неабходна ўважліва іх прачытаць;
  • агледзець тавар на наяўнасць бачных дэфектаў па знешнім выглядзе і праверыць працаздольнасць тавару.

Курьер абавязаны:

  • перадаць тавар, якасць якога адпавядае ўзору, апісанням, змешчаным на сайце інтэрнэт-крамы, а таксама патрабаванням заканадаўства;
  • па патрабаванні пакупніка азнаёміць з дакументамі, якія сведчаць аб якасці і бяспецы тавараў (сертыфікат якасці, пасведчанне аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгламентацыі і інш.);
  • выдаць неабходныя дакументы (тэхнічны пашпарт, інструкцыю па эксплуатацыі, гарантыйны талон, які змяшчае адзнаку аб даце продажу, звесткі аб прадаўцу і сэрвісным цэнтры, подпіс прадаўца);
  • правесці праверку якасці тавару (прадэманстраваць працаздольнасць), яго камплектнасці, наяўнасці дакументаў, якія перадаюцца спажыўцу з таварам;
  • выдаць касавы чэк.

Пакупнік сведчыць прыём тавару подпісам у суправаджальных дакументах прадаўца.  

Даведачна: 
Звесткі аб прадаўцу - гэта поўнае найменне юрыдычнай асобы або прозвішча, імя, імя па бацьку індывідуальнага прадпрымальніка. Яны павінны супадаць са звесткамі аб прадаўцу, названымі на сайце інтэрнэт-крамы.
Не з'яўляюцца звесткамі аб прадаўцу нумар тэлефона, даменнае імя сайта інтэрнэт-крамы і г.д.  

РЭКАМЕНДУЕМ!

Калі курьер спяшаецца і адмаўляецца прадэманстраваць тавар спажыўцу, адмаўляецца адкрыць герметычную ўпакоўку для агляду тавара ці дэманстрацыі яго ў дзеянні, лепш адмовіцца ад прыняцця тавару, зрабіўшы ў суправаджальных дакументах адзнаку аб адмове курьера ў правядзенні праверкі якасці тавару (знешнега агляду, дэманстрацыі працаздольнасці).