×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

У сувязі з частымі выпадкамі падману спажыўцоў, якія ажыццяўляюць пакупкі ў сацыяльных сетках у сеціве Інтэрнэт, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю звяртае ўвагу, што продаж тавараў у сацыяльных сетках незаконны. Набываючы тавары ў інтэрнэт-магазінах, якія маюць пашырэнне зоны «.com» і да т.п., або на інтэрнэт-сайтах, дзе прадавец указвае толькі электронную пошту ці тэлефон, абараніць правы спажыўцоў складана, бо вызначыць суб'екта гандлю ў гэтых выпадках цяжка.

Так, 15 Верасня 2016 г. адбыўся інцыдэнт з анлайн-крамай «Маргарытка», у якім грамадзяне на сайце vk.com/margaritka_margaritka заказвалі тавары па нізкіх цэнах. Пасля заказу і аплаты тавару яго дастаўка затрымлівалася, а ў выніку пасылкі перасталі прыходзіць зусім. Заказчыкі спрабавалі атрымаць грошы назад, але беспаспяхова.

Каб пазбегнуць падману пры куплі тавараў з выкарыстаннем сеціва Інтэрнэт, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь рэкамендуе звяртаць увагу, што ў рэкламе тавараў, якая размяшчаецца ў сацыяльных сетках, на сайтах інтэрнэт-пляцовак, павінна ўтрымлівацца гіперспасылка на зарэгістраваны суб'ектам гандлю ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь інтэрнэт-магазін. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь даменнае імя інтэрнэт-магазіна павінна знаходзіцца ў нацыянальнай даменнай зоне, якая мае пазначэнне «.by», «.бел».

Даведачна.

Інфармацыя аб зарэгістраваных у Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь інтэрнэт-магазінах размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства www.mart.gov.by (Рэгуляванне гандлю / Гандлёвы рэестр / Звесткі Гандлёвага рэестра).

Пры гэтым на галоўнай старонцы інтэрнэт-магазіна суб'екта гандлю ў абавязковым парадку павінна быць указана інфармацыя аб:

  • найменні суб'екта гандлю і яго месцазнаходжанні (месцы жыхарства);
  • рэжыме працы;
  • даце рэгістрацыі інтэрнэт-магазіна ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь;
  • спосабах аплаты тавараў, у тым ліку магчымасці дыстанцыйнай аплаты тавараў (АРІП, АІС «Разлік», інтэрнэт-эквайрынг, наяўнасць аплатных тэрміналаў у выпадку прыёму наяўных грашовых сродкаў).

На сайце інтэрнэт-магазіна суб’ектам гандлю ў абавязковым парадку павінна быць указана інфармацыя аб:

  • назве тавару;
  • цане і ўмовах аплаты тавараў;
  • гарантыйным тэрміне, калі ён устаноўлены;
  • назве (фірменнай назве), месцы знаходжання вытворцы (прадаўца), а таксама пры наяўнасці - імпарцёра, прадстаўніка, рамонтнай арганізацыі, якая ўпаўнаважана вытворцам (прадаўцом, пастаўшчыком, прадстаўніком) на ліквідацыю недахопаў тавару і (або) яго тэхнічнае абслугоўванне; калі вытворцам (прадаўцом, імпарцёрам, прадстаўніком, рамонтнай арганізацыяй) з'яўляецца індывідуальны прадпрымальнік - прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) індывідуальнага прадпрымальніка;
  • тэрмінах дастаўкі тавару, цане, умовах аплаты дастаўкі тавару;
  • узоры дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару.

Набывайце тавары ў добрасумленных уладальнікаў інтэрнэт-магазінаў.