×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 53 Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 года «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» (далей - Закон) удзельнік альбо іншая юрыдычная або фізічная асоба, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, мае права падаць скаргу ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках у парадку, устаноўленым названым артыкулам і артыкуламі 54-56 Закона, на дзеянні (бяздзейнасць) і (або) рашэнні заказчыка (арганізатара), камісіі і (або) яе членаў, таварнай біржы, аператара электроннай гандлёвай пляцоўкі, аператара афіцыйнага сайта ў выпадку парушэння іх правоў і законных інтарэсаў.

  • Звярніце ўвагу! Дзяржаўная закупка – гэта набыццё тавараў (работ, паслуг) поўнасцю або часткова за кошт бюджэтных сродкаў і (або) сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў атрымальнікамі такіх сродкаў

Пунктам 1 артыкула 54 Закона вызначана, што скарга, якая падаецца ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках – Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, у абавязковым парадку павінна змяшчаць:

  • найменне (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры наяўнасці), даныя дакумента, які сведчыць асобу, - для фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка), месца знаходжання і ўліковы нумар плацельшчыка, удзельніка альбо іншай юрыдычнай або фiзiчнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, якія падаюць скаргу, альбо іх прадстаўніка, нумар кантактнага тэлефона;
  • найменне (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры наяўнасці) - для фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка), месца знаходжання, уліковы нумар плацельшчыка і нумар кантактнага тэлефона заказчыка (арганізатара), камісіі і (або) яе членаў, таварнай біржы, аператара электроннай гандлёвай пляцоўкі, аператара афіцыйнага сайта, дзеянні (бяздзейнасць) і (або) рашэнні якіх абскарджваюцца;
  • назву віду працэдуры дзяржаўнай закупкі з указаннем яе рэгістрацыйнага нумара;
  • указанне крыніцы фінансавання дзяржаўнай закупкі;
  • сутнасць дзеянняў (бяздзейнасці) і (або) рашэнняў, якія абскарджваюцца;
  • дакументы і звесткі, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць скаргі, з указаннем юрыдычных фактаў і іншых абставін, якія сведчаць пра неадпаведнасць дзеянняў (бяздзейнасці) і (або) рашэнняў, якія абскарджваюцца, заканадаўству аб дзяржаўных закупках.

Пры гэтым скарга падпісваецца ўдзельнікам альбо іншай юрыдычнай ці фізічнай асобай, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, альбо іх прадстаўніком. Да скаргі, якая падаецца прадстаўніком удзельніка альбо іншай юрыдычнай або фiзiчнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, павінны быць прыкладзены даверанасць ці іншы дакумент, які пацвярджае яго паўнамоцтвы на падпісанне скаргі.

  • Звярніце ўвагу! Артыкул 54 Закона адназначна абавязвае заяўніка прадставіць дакументы і звесткі, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць скаргі, з указаннем юрыдычных фактаў і іншых абставін, якія сведчаць пра неадпаведнасць заканадаўству аб дзяржаўных закупках дзеянняў (бяздзейнасці) і (або) рашэнняў, якія абскарджваюцца. Напрыклад, такім дакументам можа быць экспертнае заключэнне (ліст) упаўнаважанага органа (арганізацыі), якое пацвярджае довады скаргі. Таксама дапускаецца пазначыць у скарзе аб абавязку прадастаўлення такога дакумента непасрэдна ў ходзе разгляду скаргі (з абавязковым абгрунтаваннем прычыны).

Акрамя таго, скарга ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 54 Закона можа быць пададзена толькі з захаваннем наступных тэрмінаў:

  • у дачыненні да запрашэння і дакументаў, што прадстаўляюцца ўдзельніку для падрыхтоўкі прапановы, - на працягу тэрміну для падрыхтоўкі і прадстаўлення прапаноў;
  • у іншых выпадках - не пазней за дзесяць працоўных дзён з дня інфармавання ўдзельнікаў аб выбары ўдзельніка-пераможцы альбо аб адмене працэдуры дзяржаўнай закупкі або прызнанні яе несапраўднай
  • Звярніце ўвагу! Скарга падаецца толькі ў пісьмовым выглядзе. Скарга, накіраваная з дапамогай факсімільнай сувязі, а таксама па электроннай пошце, не падлягае разгляду і вяртаецца асобе, якая падала яе.

Такім чынам, пры неадпаведнасці зместу скаргі прынамсі аднаму з патрабаванняў, названых вышэй, а таксама ў выпадку, калі скарга пададзена па заканчэнні названых вышэй тэрмінаў, скарга не падлягае разгляду і вяртаецца асобе, якая падала яе (пункт 7 артыкула 55 Закона).

  • Звярніце ўвагу! Указаныя пры вяртанні скаргі недахопы могуць быць ліквідаваны і скарга можа быць пададзена паўторна, калі не скончыліся тэрміны, прадугледжаныя пунктам 2 артыкула 54 Закона.

З улікам выкладзенага, пры накіраванні скаргі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю неабходна надаваць асаблівую ўвагу іх афармленню ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 54 Закона.